2013-11-06

lazyest: (Default)
2013-11-06 12:47 am

Сьвята на нашай вуліцы?

Зьнанацку напісалася такое.

Сёньня ўдзень па сталічнай вуліцы Якуба Коласа даволі нечакана ізноў пайшоў трамвай. Чаму нечакана? Таму, што пасьля ягонага закрыцьця ўвесну «з мэты рамонта рэек» мала хто верыў у тое, што заплянаваныя тэрміны «да 4 лістапада» насамрэч выглядалі маларэальнымі. Больш за тое, яшчэ тыдзень таму апошнія некалькі фрагментаў рэек, што пакідаліся на апошнія дні, выглядалі даволі занядбанымі і закінутымі. Але, як гэта і прынята ў нашых краёх, напярэдадні афіцыйнага тэрміну пуску завіравала авральная праца. І сёньня, 5-га лістапада, ўсяго толькі на дзень пазьней за абяцаны яшчэ ў красавіку дзень, трамваі нарэшце паехалі.
Ці так ўсё бязхмарна і добра, як падаецца? Стоадсоткава можна сказаць, што больш на вуліцы Коласа і Лагойскім тракце ня будзе коркацца марудны аўтобус з дзіўным нумарам «906». Ці палепшыць ад гэтага трамвайны рух? Як глядзець.
Асноўныя зьмены апроч замены тэхналогіі ўкладкі рэек на нібыта «нямецкую» - гэта ліквідацыя разваротнага кола «Валгаградская», якое выкарыстоўвалася ня толькі як канцавы прыпынак 8-га трамваю, але і запасны разваротны круг на выпадак форс-мажору ці рамонту на далейшым кавалку дарогі. Таму адсёньня якшто – каляя трамваяў будзе стаяць да самага выезду з гораду.
Самі рэйкі перакладзены па новай тэхналёгіі. Добра, але ляжаць яны тым жа самым чынам, як і раней. Прыпынкі, як і раней, не абасобленыя, ад рэек да ходніку-прыпынку на большай частцы вуліцы Якуба Коласа – дзе паласы інтэнсіўнага аўтамабільнага руху.
Што да самой тэхналёгіі, то якасьць выкананьня прац мы зможам ацаніць толькі цягам часу. Шмат хто памятае, як мінулай зімой на марозе рэйкі, пакладзеныя па новых правілах, ня вытрымалі эксплюатацыі і літаральна выкруціліся з зямлі каля трамвайнага парку. Ці ня будзе падобнага і тут? Пабачым.
Узгадаем і тэму экалёгіі. Падчас гэтай рэканструкцыі сталічныя вуліцы страцілі пару тузінаў дрэваў, якія былі выпілаваны нібыта дзеля «расшырэньня праезнай часткі ў адпаведнасьці з замежным досьвідам». Невядома, мабыць гэты досьвід, як і шмат што іншае, быў падгледжаны ў бліжэйшага ўсходняга суседа. У нас жа «Мінскзеленстрой» абяцае высаджваць дрэвы замест выпілаваных, аднак па неафіцыйных зьвестках наўпрост зараз запазычанасьць па гэтых пасадках складае каля 17 тысяч асобнікаў.
З усяго вынікае, што свята на нашай вуліцы нейкае непаўнавартае. Асабліва, калі ведаць, што апошняе істотнае пашырэньне трамвайнай сеткі адбылося ажно ў 1985 годзе, калі трамвайны званок упершыню пачулі ў Серабранцы. Ад тога моманту ніякага новага будаўніцтва не адбывалася, хаця горадакіраўніцтва неадначасова прэзентавала разнастайныя праекты. Нават існуе генеральны плян разьвіцьця трамвайнага руху, па якім найзручнейшы і найэкалягічшейшы транспарт мусіць з'явіцца ледзь не ва ўсіх закутках Менску, ад Шабаноў да Сухарава. Але па ўсім відаць, замест гэтых сапраўды напалеонаўскіх плянаў мы мусіцм год за годам назіраць за чарговымі рэвалюцыйнымі тэхналёгіямі пераўкладкі адных і тых жа рэек з мейсца на мейсца.
lazyest: (Default)
2013-11-06 12:49 am
Entry tags:

Dream Theater - Live at Luna Park

Апроч нядаўняга новага дыску Fates Warning, выйшаў новы канцэртавы DVD/CD Dream Theater.



Падрабязьней можна чытануць шмат дзе. Я покуль відэа не знайшоў, толькі аўдыё.